У лекараў для вас кепская навіна

«Дрот» пад токам. Працягнеце руку – вінаватыя будзеце самі. Я вельмі люблю парады: хлопцы тупаюць, танкі равуць, самалёты пускаюць дым! Дзяўчаты пірамідку будуюць. Валанцёры мітусяцца. Палова краіны робіць вялікую супольную справу, другая палова прынікла да экранаў: вунь там Васенька ў сініх шорціках з ракеткай. Васенька, памахай маме ручкай. А Коленьку на парад не ўзялі – ёсць пра што пагаварыць. Але сёлета я на парад не пайду. З майго боку гэта было б безадказна: як лекар, я ведаю, чаго каштуюць масавыя мерапрыемствы ў часы эпідэмій. А вы?Я ведаю адну катэгорыю грамадзян, якія не могуць не пайсці на парад. Мы ім звонім па тэлефонах 101-102-103. Вось у іх – абавязак: стаяць ля гэтага слупа ад і да, і, калі нешта пайшло не так – ратаваць ці папярэджваць рызыкі. Ёсць група грамадзян, якія сёння не могуць развярнуцца і пайсці, куды захочуць, альбо не пайсці, куды неахвота – ваенаслужачыя тэрміновай службы. Для таго, каб ім не пайсці на парад, трэба праявіць цвёрдую пазіцыю, актыўнасць ці хітрасць, рызыкаваць поўхай ад сяржанта і парай пазачарговых нарадаў ад старшыны, у скрайне цяжкіх выпадках можна нават аказацца ў іншай частцы ці пацярпець ад калектыўнага выхавання.