Беларуса пакінулі дома на ізаляцыі — праз некалькі дзён знайшлі мёртвым

У мужчыны быў каранавірус. 1 мая ў кватэры на вуліцы Берута ў Мінску знайшлі памерлым 67-гадовага Віктара Новака. У мужчыны быў каранавірус, ён знаходзіўся на самаізаляцыі. Цела айчыма знайшла Любоў, дачка яго жонкі Алены. Яна распавяла «Нашай Ніве» падрабязнасці:«Спачатку захварэла мама. Кашаль з макроццем пачаўся, тэмпература высокая… Яна выклікала доктара на дом, паставілі дыягназ «трахеіт». Але лепш не станавілася, і праз тры дні я ўгаварыла маму выклікаць хуткую. Гэта было 5 красавіка. Маму адвезлі ў бальніцу, там зрабілі рэнтген — двухбаковая пнеўманія. Зрабілі і аналіз на каранавірус — ён быў станоўчы. У выніку мама ўжо месяц у бальніцы. Ёй капаюць антыбіётыкі, давалі і лекі ад малярыі, але толькі некалькі дзён, бо яны далі ўскладненні на сэрца. Зараз маме лепш, чым першапачаткова, але здымкі ўсё яшчэ дрэнныя. Ёй рабілі яшчэ два тэсты на «карону» — яны ўжо адмоўныя. Як яна заразілася - невядома. Звычайная пэнсіянерка, на працу не хадзіла. Можа, у краме ці грамадскім транспарце, не ведаю.