![]()
Старшыня Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі распавёў пра меры Касьцёлу падчас пандэміі. Сайт каталіцкага касьцёлу ў Беларусі catholic. by апублікаваў гутарку зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Старшыня Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі распавёў, што адразу пасьля таго, як стала відавочна, што каранавірус распаўсюджваецца і ў Беларусі, Касьцёл прыняў адпаведныя меры і выдаў неабходныя рэкамэндацыі для сьвятароў і вернікаў. «Былі адменены такія маштабныя мерапрыемствы, як велікапоснае чуваньне і малітоўная сустрэча моладзі, якія звычайна зьбіраюць вялікую колькасьць удзельнікаў. Перанесены на пазьнейшы час урачыстасьці канфірмацыі і Першай Камуніі ў парафіях. Адменены біскупскія візытацыі і наведваньні парафій. Не праводзіцца катэхізацыя дзяцей у нядзельных школках». Паводле герарха, у касьцёлах рэгулярна праводзіцца дэзынфэкцыя. Вернікаў сьвятары заклікаюць захоўваць сацыяльную адлегласьць. На пытаньне, чаму наогул не былі адменены ўсе службы ў касьцёлах, мітрапаліт адказаў, што Касьцёл паўсюль падпарадкоўваецца абмежаваньням, якія ўводзіць тая ці іншая дзяржава падчас пандэміі.