Памерла жанчына з-пад Чашнікаў: станоўчыя тэсты там ва ўсёй сям'і

Усё пачалося cа школы. 83-гадовая Валянціна Рабцэвіч з пасёлка Новая Зара, што пад Чашнікамі, памерла 27 красавіка ў мясцовай бальніцы. Жанчыну пахавалі 29 красавіка ў закрытай труне — хоць прычынай смерці стала рэзкае падзенне ціску, меўся і пацверджаны каранавірус. Дачка Валянціны разам з мужам і двума дзецьмі засталіся ў бальніцы — яны на каранціне, бо каранавірус падазраюць у аднаго з дзяцей. Падрабязнасці распавёў «Нашай Ніве» Васіль, зяць жанчыны. «Усё пачалося з работніцы нашай школы. Сын адной мясцовай жанчыны быў у Турцыі, пасля прыехаў сюды да нас. А сваячка той сям’і — намесніца дырэктара ў школе. І яна ад таго хлопца, кажуць, заразілася. У школе на канікулах быў лагер, і яна хадзіла ў школу, кантактавала з настаўнікамі, дзецьмі. Усе бачылі, што ў яе нос чырвоны, што чхае, але ж думалі — ну прастыла, бывае. Ніхто і не падумаў пра «карону». Хадзіла яна ў школу так тыдні два. Затым пайшла да доктара — і высветлілася, што ў яе каранавірус. Адразу ў школу прыехалі рабіць аналізы.