Паміж дабром і злом

Усім насельнікам Зямлі трэба прыкласці шмат намаганняў, каб Божае слова «Быць!» загучала з новай сілай. Нягледзячы на тое, што ў матэрыяльным плане чалавецтву ў ХХІ стагоддзі стала жыць значна камфортней, гэта не ўплывае на складаную маральную атмасферу, не нясе душэўнай палёгкі. Цяпер для кожнага зямляніна выбар паміж дабром і злом набыў больш прынцыповы характар. У разглядзе філасофскай праблемы трэба сыходзіць з пастулата, што ў любой рэчаіснасці свабода выбару існуе. Ніхто не гоніць у каршэнь пэўнага індывіда ў кодла забойцаў, садыстаў, зладзюг, махляроў, карупцыянераў і проста мярзотнікаў або ў грамаду абаронцаў здаровага сэнсу жыцця, праўды, справядлівасці і гуманізму. Урэшце, па вялікім рахунку, чалавек прыходзіць туды сам. Сапраўдных праведнікаў на планеце не надта шмат, таму іх кранаць не будзем. Гэта роздум пра звычайных людзей. Яны, нават знаходзячыся пад жорсткім дыктатам цяжкіх абставін, усё ж маюць магчымасць выявіць маральную і душэўную волю. Рэальнасць, што склалася ў свеце, стала падмуркам для масавых смяротных грахоў, не прыйшла аднекуль, а вырасла з абыякавасці мільёнаў людзей, якія самі не ўчыняюць злачынстваў, але не супрацьстаяць ім.