У Мінску памёр 35-гадовы ІТ-бізнэсмен Вячаслаў Шакель

Цела знайшоў у кватэры яго бацька. У Мінску памёр 35-гадовы мінскі айцішнік Вячаслаў Шакель. Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі яго сябры. Шакель — адзін з заснавальнікаў E-Chat, месенджара, інтэграванага з кашальком крыптавалют. Офіс кампаніі знаходзіцца ў Ганконгу. Таксама быў намеснікам дырэктара ў кампаніі BitActive, рэзідэнце Парка высокіх тэхналогій. Сябры кажуць, што гэта быў дужы малады чалавек пад 2 метры ростам, займаўся адзінаборствамі. Жонка і сын Шакеля чакалі яго ў Тайландзе, адкуль усе разам меліся ляцець у ЗША. Але граніцы закрыліся — і Вячаслаў не паспеў вылецець з Беларусі. У Мінску жыве ягоны бацька Валянцін Шакель, былы пракурор Партызанскага раёна Мінска. Валянцін Шакель паведаміў «Нашай Ніве», што ў суботу не здолеў звязацца з сынам і трапіць да яго, таму разам з сябрамі вырашыў выламаць дзверы. У кватэры знайшлі нежывое цела. Сябры мяркуюць, што мог мець месца каранавірус — ці так гэта?«Пакуль нельга так лічыць афіцыйна, бо, згодна з даведкай — дыягназ не вызначаны, — сказаў Валянцін Шакель.