«Гэтая зараза страшнейшая за радыяцыю»

Як у Чарнобыльскай зоне рэагуюць на эпідэмію каранавірусу. Брагінскі і Хойніцкі раёны найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёньня сюды даходзяць трывожныя чуткі пра новую заразу — каранавірус. Як да пандэміі ставяцца жыхары зоны адчужэньня, спраўдзілі карэспандэнты «Радыё Свабода». Афіцыйна пра выпадкі заражэньня каранавірусам у Брагіне ці Хвойніках не паведамляецца. Ладная частка раёнаў — зона адчужэньня. Пакінутыя жыхарамі вёскі ўвайшлі ў склад Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку. Знаходзіцца тут забаронена. Толькі на Радаўніцу шлягбаумы зоны адчыняюцца, каб прапусьціць людзей на магілы блізкіх. Звычайна наведваць могілкі пачынаюць з суботы і працягваюць па аўторак. Фото: «Радыё Свабода» «Сёньня вы трэція за дзень. Раней значна больш было аўтамабіляў. Ня толькі каранавірус прычына. Межы ж закрытыя! Людзі ў мінулыя гады ехалі сюды з Расеі і Ўкраіны», — тлумачаць на КПП «Бабчын» і папярэджваюць, што Зону мы мусім пакінуць да 17.