![]()
З дактароў яшчэ і збіраюць грошы. Медыкі Віцебска сігналізуюць у «Нашу Ніву», што з іх збіраюць грошы на суботнік. Арганізацыі аховы здароўя ў гэты нагружаны час вымушаны або вывесці на работы частку медыкаў, або здаць нейкую суму з калектыва. Унёскі разбітыя ў залежнасці ад катэгорыі работніка. «Думаў, што сёлета хоць абыдзецца, але з дактароў па 5 рублёў, з медсястры 3, з санітаркі 1 рубель, — расказаў «Нашай Ніве» доктар Віцебскай абласной бальніцы. — Мне сорамна, што такое адбываецца ў маёй краіне, я не разумею, навошта мы здаём грошы. Гэтак жа цяжка знайсці логіку ў прыборцы тэрыторыі медыкамі — навошта тады ўтрымліваць адміністратыўна-гаспадарчую частку бальніцы. Атрымліваецца, яны нічога не робяць да таго? Але мы хаця б ніколі не хадзілі на прыборкі, увесь час здавалі грошы». «Загадчыкі аддзяленняў — 8 рублёў, дактары — 6, лабаранты — 5, санітаркі — па 4», — сцісла сказаў нам пра паборы супрацоўнік віцебскай санстанцыі, дзе цяпер людзі перагружаныя тэстамі на COVID-19.