У Стоўбцах шматлікія смерці ад пнеўманій і каранавіруса

Расказваюць сваякі. У пачатку эпідэміі каранавіруса найбольш сумных навін прыходзіла з Віцебска, потым — з Докшыц і Бешанковічаў. Цяпер з’явіўся яшчэ адзін пункт, дзе сітуацыя вельмі напружаная, — гэта Стоўбцы, горад за 65 кіламетраў на паўднёвы захад ад Мінска, насельніцтва — 17 тысяч чалавек. Бальніца на 134 месцы перапоўненая людзьмі з пнеўманіямі і каранавірусам, частку хворых адпраўляюць у іншыя гарады. «Наша Ніва» паразмаўляла са многімі жыхарамі Стоўбцаў. «Мясцовая бальніца запоўненая ўжо два тыдні, — кажа мясцовы жыхар Мікалай Лысёнкаў. — Толькі адзін дзень вызвалілася, калі загадалі выпісваць людзей з лёгкімі сімптомамі, а назаўтра зноў запоўнілі людзьмі». Толькі за ўчора памерла мінімум трое жыхароў горада. Усе яны жылі ў раёне вуліц Мічурына і Калгаснай, там жа размешчаны рынак, а таксама Стаўбцоўскае РАУС. Станіславу Жаўняркевіч пахавалі сёння. 10 красавіка, калі жанчына ўжо ляжала на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, ёй споўніўся 71 год. «Крыўдна тое, што нашы пенсіянеры інтэрнэт не чытаюць, а глядзяць толькі «Панараму», дзе ўсё добра, — кажа зяць памерлай Алег.