![]()
Размова з настаўнікам з Гайнаўкі. Журналісты паразмаўлялі зь Янам Карчэўскім , настаўнікам беларускай мовы ў II Агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым навучаньнем беларускай мовы ў Гайнаўцы, перадае “Радыё Свабода”. Ян Карчэўскі— аўтар падручнікаў па беларускай літаратуры для ліцэйскага ўзроўню навучаньня ў Польшчы, адданы справе беларускай асьветы актывіст беларускага жыцьця ў Гайнаўцы ў прыватнасьці і на Падляшшы ў цэлым. — Ян, скажы, колькі часу ты ўжо працуеш настаўнікам? Ты ўвесь час вучыў беларускай мове ў гайнаўскім ліцэі ці працаваў і ў іншых месцах? — Ужо мінула больш як 30 гадоў, як я настаўнічаю. Працу я пачаў 1 верасьня 1987-га ў пачатковай школе ў Чыжах. Там я адпрацаваў 9 гадоў, а потым надарылася нагода перайсьці на працу ў гайнаўскім беларускім ліцэі. Не скрываю, што маёй марай было вучыць беларускай мове ў ліцэі, які я раней сам закончыў. Пасьля ліцэя я закончыў беларускую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце і вярнуўся працаваць на бацькаўшчыну. У Чыжах я вучыў наагул беларускай мове, але здаралася таксама весьці ўрокі польскай мовы, гісторыі ці фізкультуры.