«Мы рэпетуем, як селядцы ў бочцы»

У харавой капэле імя Шырмы на каранавірус захварэла траціна калектыву. У Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле імя Р. Шырмы захварэла амаль траціна калектыву. 23 артыста з 75 маюць каранавірус, паведамляе nn. by. Замежных гастроляў у капэлы апошнім часам не было. На каранавірус артыстаў пачалі правяраць тыдзень таму — пасля таго, як адзін з калег ва ўзросце за 60 год трапіў у бальніцу і яго тэст паказаў станоўчы вынік. «Усе хадзілі на працу, памяшканне адно, многія дабіраюцца на грамадскім транспарце, — дзеліцца адна з супрацоўніц. — Вынікаў усіх артыстаў яшчэ няма, у многіх знік нюх. У асноўным усё працякае ў лёгкай форме». Амаль усе, хто захварэў, знаходзяцца ў самаізаляцыі і лечацца дома. Аднаго артыста з пнеўманіяй у панядзелак шпіталізавалі ў інфекцыйную бальніцу. «Уся капэла па дамах на двухтыднёвым каранціне, як і філармонія. Штодзень тэлефануюць з паліклінікі, цікавяцца самаадчуваннем. Таксама міліцыя кантралюе прысутнасць дома праз дамафон», — расказаў муж іншай артысткі.