![]()
Ці не зашмат актораў? Ну я ўяўляю сабе гэты цырк. Сьветлая пасьлявелікодная раніца. Школа. Зь блізкіх двароў цякуць да школьнага ганку тоненькія цурочкі дзяцей у масках. Дзе-нідзе ў гэтай плыні вытыркаюцца стройныя вербы, суворыя камяні і счарнелыя карчы — гэта настаўнікі ў масках. На ўваходзе снуе клапатлівая рыбка — гэта вахцёрка ў масцы, яна працірае ручку дзьвярэй пасьля кожнага дзіцёнка ў масцы, наладжвае эпідэміялягічна бясьпечны рэжым. Унутры бясконца пікае турнікет, які паставілі шчэ пасьля стаўпецкай трагедыі — ён пікае на кожнага, ніхто даўно не зьвяртае на яго ўвагі, насі хоць нож, хоць бомбу, тым больш ты цяпер у масцы. Як бы дэкарацыі патрабуюць. Потым мы ўва ўсіх мераем тэмпэратуру і заносім у спэцыяльны журнал. Гэта хвілін 40. За гэты час дзеці ўжо стаміліся дыхаць у масках. Яны пачынаюць сьцягваць іх на бароды, падымаць на лоб, нехта ўжо душыць суседа гэтай маскай, нехта патаемна мые індывідуальным антысэптыкам герані на вокнах. Настаўнік у масцы ля дошкі рвецца з усіх сіл, каб патлумачыць урок — ага, ты без маскі паспрабуй яго да ўсіх данесьці, цяпер хіба пісаць проста на ёй формулу альбо правіла.