![]()
20 гадоў таму Кангрэс ЗША прыняў рэзалюцыю з рэзкім асуджэньнем рэжыму Лукашэнкі. Поўны тэкст Рэзаюцыі прагучаў на хвалях «Радыё Свабода». Дакумэнт быў вынікам сумесных намаганьняў і ўплыву на амэрыканскіх палітыкаў лідэраў беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, беларускай дыяспары ў ЗША, шэрагу міжнародных праваабарончых арганізацыяў. Кангрэс прагаласаваў за надзвычай жорсткія фармулёўкі неўзабаве пасьля брутальнага разгону Дня Волі 25 сакавіка, калі сотні людзей былі зьбітыя і затрыманыя. Але ацэнка таго, што ў дакумэнце вызначана як «рэжым Лукашэнкі», дадзеная па «сукупнасьці заслугаў» за папярэднія гады. Наўрад ці варта камэнтаваць як гэты дакумэнт, гэтак і асобныя палажэньні Рэзалюцыі — яе фармулёўкі гавораць самі за сябе. Працытую толькі тры зь іх:«Законны тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі скончыўся ў ліпені 1999 году». «Саюзная дамова, падпісаная 8 сьнежня 1999 году Беларусьсю і Расейскай Фэдэрацыяй падрывае сувэрэнітэт Беларусі і пэрспэктывы дэмакратыі». «Саюзны дагавор паміж Расейскай Фэдэрацыяй і рэжымам Лукашэнкі парушае абавязальніцтвы ўраду Расейскай Фэдэрацыі паважаць сувэрэнітэт Беларусі, якія вынікаюць з мэмарандуму ў справе гарантыяў бясьпекі, які ў сьнежні 1994 году ў Будапэшце (Вугоршчына) падпісаў прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын на канфэрэнцыі кіраўнікоў дзяржаваў-сябраў Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе».