![]()
Радны БНР нарадзіўся ў 1879-ым годзе. 7 лістапада 1879 года каля Ігумна нарадзіўся Стэфан Кульчыцкі – праваслаўны сьвятар, протаіерэй Менскай епархіі, радны БНР, адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, піша сайт radabnr. org. Нарадзіўся ў вёсцы Дамовіцы, скончыў праваслаўную духоўную сэмінарыю, Санкт-Пэтэрбурскую духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя. Выкладаў у мужчынскай гімназіі і рэальным вучылішчы ў Рэвелі (цяпер Талін, Эстонія). Рукапаложаны ў іерэя ў чэрвені 1904 г. , з жніўня таго году служыў у царкве сьвятой Марыі Магдалены пры духоўнай жаночай вучэльні ў мястэчку Парычы Бабруйскага павету, выкладаў Закон Божы. З 1907 г. – сьвятар Менскага Петра-Паўлаўскага катэдральнага сабора, выкладчык Менскай духоўнай сэмінарыі. З кастрычніка 1908 па 1916 год – ключар сабора, член Менскага епархіяльнага рэвізійнага камітэту. У 1914 г. узнагароджаны санам протаіерэя. Удзельнік зьезда беларускага праваслаўнага духавенства ў Маскве ў 1917 годзе.