![]()
На месцы знаходкі разьмесьцяць інфармацыйныя стэнды і перанясуць памятны камень. Знойдзеныя ў менскім парку імя Янкі Купалы фрагмэнты падмуркаў грамадзкай лазьні Плаўскага і дамоў братоў Луцкевічаў захаваюць і закансэрвуюць. Пра гэта піша афіцыйны Telegram-канал Менскага гарвыканкаму, перадае «Радыё Свабода». Як паведаміў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран, на месцы знаходкі будуць разьмешчаныя інфармацыйныя стэнды і сюды ж перанясуць памятны камень, пастаўлены пазалетась у гонар братоў Луцкевічаў. «Камісія ў справе захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны зьбіралася двойчы, каб прыняць рашэньне, што ж рабіць з раскрытымі фрагмэнтамі падмуркаў старых будынкаў. Думкі выказвалі аўтарытэтныя гісторыкі. Вызначылі так: увесь парк зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Рэспублікі Беларусі і вылучаць асобныя аб’екты нямэтазгодна. Але і разбураць гістарычныя знаходкі мы ня маем права», — падсумаваў чыноўнік. Як адзначыў Арцём Цуран, прынята рашэньне заканансэрваваць фрагмэнты падмуркаў.