Вольскі пра новы альбом і пандэмію: Хто ў нас чаму верыць у Беларусі афіцыйнаму?

Нават тыя, хто абагаўляе ўладу, ня вераць яе лічбам. Лявон Вольскі пасьля выхаду свайго новага альбому «Амэрыка» расказаў «Радыё Свабода» пра крыніцы новага запісу, пра беларускі гераізм і пра жыцьцё ды канцэрты ў часы пандэміі COVID-19. Пра Амэрыку музычную і сапраўдную— Мы з [нарвэскім прадусарам] Снорэ [Бэргерудам] сустрэліся ў канцы мінулага лета, і ён сказаў, што скіне мне амэрыканскія песьні кантры-вэстэрн 60-х гадоў і што можна было б зрабіць такі альбом. Мне падалося, што гэта быў бы цікавы ход — такая стылістыка «старога Захаду», крыху ўцёкі ў іншы сьвет. Але наша рэчаіснасьць усё роўна туды пралезла, як у мяне заўсёды бывае. Запісвалі альбом мінулай восеньню. Сама Амэрыка для мяне падчас першай паездкі ў 2005 годзе была як нейкі цуд — нібыта я трапіў у нейкую казку — новыя адчуваньні, новыя смакі. Я прачынаўся, глядзеў у акно і думаў: «Ну, гэта нешта неверагоднае!»Але гэта была яшчэ дакрызісная Амэрыка — ніхто з нашых адтуль яшчэ не зьяжджаў, на будоўлі за месяц можна было зарабіць вельмі добрыя грошы.