Паклон медыкам

Дапамагчы не дапусціць калапс можа толькi каранцін. Здараецца час, калі народу трэба яднацца, станавіцца адным, моцным арганізмам у супрацьстаянні перад смяротнай небяспекай. Такая задача сёння паўстала адразу перад усім чалавецтвам, прытым у змаганні з пандэміяй каранавіруса роля кожнага асобнага этнасу — надзвычай важная. Жыццё чалавецтва ў рэжыме глабалізацыі, якое працягваецца з канца ХХ стагоддзя, нясе не толькі станоўчыя моманты. Ёсць шмат негатыўнага. Гэта магчымасць невялікай колькасці транскарпарацый, жменьцы супербагатых людзей планеты карыстацца ўсімі зямнымі рэсурсамі і гіганцкімі фінансамі. Адзін працэнт насельніцтва Зямлі цяпер валодае большым багаццем, чым 99% астатніх жыхароў. У Расіі 3% грамадзян сканцэнтравалі ў сваіх руках 89% фінансавых актываў, 92% тэрміновых укладаў у банках і 90% наяўных зберажэнняў. Па Беларусі лічбы засакрэчаны, але незалежныя эксперты лічаць, што ўзровень сацыяльнай няроўнасці таксама зашкальвае. Пачварная сквапнасць, пагоня за багаццем па-дзікунску меркантыльных двухногіх індывідаў прывяла да экалагічнага дысбалансу, знішчальных прыродных катаклізмаў на планеце.