Ліст з Бешанковіч пад Віцебскам: «У нас тут сітуацыя, як у 1941-м. Медыкі, нізкі вам паклон!»

А ўлады рыхтуюць «Славянскі базар» і парад. «Амаль катастафічная сітуацыя з колькасцю хворых, якія паступаюць за апошнія дні ў бешанковіцкую раённую бальніцу, — напісаў у «Нашу Ніву» настаўнік замежных моў з Бешанковіцкага раёна Георгій Станкевіч, — патрабуе самаахвярнай працы ўсяго медычнага персаналу. Сітуацыю можна параўнаць з чэрвенем 1941 года, калі савецкія войскі змагаліся з ворагам у поўным акружэнні. А вінтоўка часта была адна на дваіх. Усе жыхары Бешанковіцкага раёна бясконца ўдзячныя бешанковіцкім медыкам, якія, рызыкуючы ўласнымі жыццямі, робяць амаль немагчымае ў супрацьстаянні з нябачным ворагам. Бо кожны хворы, які паступае ў бальніцу, можа быць патэнцыяльным носьбітам каранавіруса, ад якога трэба абараняцца. Сітуацыя крайне ўскладняецца тым, што сродкаў індывідуальнай абароны маецца мінімум ад неабходнага і, мусіць, яны недасканалыя. Невыпадкова работнікі бешанковіцкай санэпідэмстанцыі сталі першымі пацярпелымі ў гэтым змаганні. Зараз яны знаходзяцца асобна ў былым дзіцячым аддзяленні на каранціне.