Святар: Надышоў час спыніцца і паглядзець на сваё жыццё

Сёлетні Вялікдзень святары называюць «праверкай нашай духоўнасці». Сёлета святкаванне і нават падрыхтоўка да яго ў сувязі з эпідэміялагічнымі абставінамі не ўкладваюцца ў звыклыя каноны. Так, кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адмысловым указам дазволіў вернікам для асвячэння ежы на велікодны стол далучыцца да анлайн-трансляцыі службаў і зрабіць гэта самастойна памаліўшыся. Як годна адсвяткаваць Вялікдзень, mlyn. by расказаў прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Юрый Санько. Сітуацыя неардынарнаяЗараз мы павінны думаць не толькі пра духоўныя перажыванні, але таксама і пра фізічнае здароўе вернікаў. Першая просьба біскупаў і іерархаў, якія выдалі дыспэнцыі і дазволы, — каб старэйшае пакаленне засталося дома. Людзі сталага ўзросту найбольш неабароненыя ад захворванняў. Мы просім моладзь і дзяцей, каб яны таксама засталіся дома, бо, як паказаў італьянскі досвед, яны найбольш верагодныя пераносчыкі каранавіруса. Мы заклікаем, каб родныя і блізкія, дзеці ці ўнукі забяспечылі для сваіх старэйшых сваякоў магчымасць далучыцца да відэатрансляцый з касцёлаў — з некаторых яны ідуць у нас ужо даволі даўно.