![]()
Пандэмія адкрыла духоўную праблему сучаснага чалавека. Раніцай 12 красавіка, ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, у мінскай архікатэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, перадае catholic. by. Звяртаючыся да прысутных, іерарх сказаў у гаміліі, што, нягледзячы на складаныя ўмовы, выкліканыя пандэміяй каранавірусу, «хрысціянскі свет сёння адзначае гэтае свята, значэння якога не могуць адабраць ніякія перашкоды». Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што Уваскрасенне Пана з’яўляецца самым вялікім і галоўным хрысціянскім святам па трох прычынах. Па-першае, Пасха — падмурак нашай веры. Па-другое, Уваскрасенне Хрыста — гарантыя нашага ўваскрашэння. Па-трэцяе, Яго Уваскрасенне дае надзею і падбадзёрвае ў нашых жыццёвых цяжкасцях, бо ўмацоўвае сваёй ласкай. «Таму Пасха заклікае нас быць людзьмі ўваскрашэння. Гэта азначае, што мы не павінны заставацца пахаванымі ў магіле нашых грахоў, нядобрых звычак, небяспечных залежнасцяў, роспачы, сумневу, але ва ўсіх абставінах жыць прысутнасцю Уваскрослага Езуса і прамянець праўдай, што смерць — гэта не канец нашага жыцця, а пачатак новага, якое ніколі не завершыцца», — дадаў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.