Шэрыя шынялі

Чаму Беларусь займаецца гонкай узбраенняў, а ў хворых дзяцей і пенсіянераў няма грошай на лекі? Склалася так, што амаль кожнае пакаленне людзей роднага краю ў ХІХ і ХХ стагоддзях трапляла ў вір чарговай вайны. Асаблівыя страты прынесла апошняя сусветная крывавая бойня. У Беларусі яе рэха адгукаецца не толькі ў дэмаграфіі (загінула трэць жыхароў!), але і ў эканамічных, сацыяльных і маральных аспектах сучаснага жыцця. Да гэтага часу не спыняюцца спрэчкі пра колькасць людскіх ахвяраў, якія меў у вайне СССР. Афіцыйна прапануецца лічба 27 мільёнаў чалавек. Але незалежныя даследчыкі мяркуюць, што яна значна заніжана. Асабіста для мяне важна ведаць праўду. А ідэалагічныя баталіі, выкарыстанне жалобнай тэмы ў прапагандзе, скіраванай на нагнятанне мілітарысцкага патрыятызму, псеўдагераізму і пахвальбы, выклікаюць у душы толькі агіду і прыкрасць. Ёсць лічбы, якія не можа аспрэчыць ніхто. У 1939 годзе ў СССР адбыўся перапіс насельніцтва. Паводле яго мужчын 1889 — 1928 гадоў нараджэння ў краіне было 58 мільёнаў 930 тысяч.