![]()
Жыцці людзей важнейшыя. Нягледзячы на пашырэньне эпідэміі каранавірусу, у Менску працягваюцца рэпэтыцыі параду на 9 траўня. Лукашэнка заклікае правесьці мерапрыемства «на найвышэйшым узроўні». Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў кажа, што рашэньне мае быць палітычным. «Радыё Свабода» пагаварыла з вэтэранамі, якія прапануюць сёлета сьвяткаваць Дзень Перамогі дома, а не на парадзе. Валянціна Баранава, 96 гадоў: «Не сышоўся ж клін толькі на гэтым 9 траўня!» Вэтэран Валянціна Баранава (на першым пляне) Жыхарка Горадні Валянціна Баранава пайшла на фронт у 18 гадоў радысткай. Прайшла ўсю вайну, Перамогу сустрэла ў Празе. Яе ўзнагародзілі нагрудным знакам «За жаночую мужнасьць». У мірны час працавала настаўніцай музыкі. Мае трох дзяцей, шэсьць унукаў, праўнука. Штогод энэргічную спадарыню Валянціну запрашалі на сьвяточныя імпрэзы з нагоды Дня Перамогі. Аднак сёлета яна мяркуе, што варта застацца дома. «Як мы можам рызыкаваць жыцьцём людзей, нашых землякоў?! Урэшце, не сышоўся ж клін толькі на гэтым 9 траўня!» — эмацыйна кажа вэтэран.