Сьвятлана Алексіевіч: Дзяржава робіць злачынства, гэта самы вялікі выклік з часоў Чарнобылю

Ляўрэатка Нобэлеўская прыміі дала жорсткія ацэнкі дзеяньням улады, якая «будзе ратаваць толькі сябе». У інтэрвію Ганне Соўсь для «Радыё Свабода» Сьвятлана Алексіевіч ня толькі патлумачыла, чаму яна аддае перавагу канкрэтнай дапамозе канкрэтным людзям, але і дала жорсткія ацэнкі дзеяньням улады, якая «будзе ратаваць толькі сябе», акрэсьліла маральныя дылемы, якія стаяць цяпер перад лекарамі, а таксама расказала пра зьмены яе жыцьця ў часе пандэміі і пра новы фармат кантактаў са сваёй аўдыторыяй. Калі я зьвярнулася да ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятланы Алексіевіч з просьбай пагаварыць пра добрыя справы і валянтэрства падчас пандэміі, пісьменьніца адразу ж сказала, што яна таксама вырашыла дапамагчы. Паводле яе, дапамога цяпер патрэбная самым уразьлівым — пажылым адзінокім людзям, інвалідам. Паводле інфармацыі Чырвонага Крыжа, у Беларусі каля 830 тысяч пажылых людзей, зь іх 92 тысячы — адзінокія старыя і інваліды, а зь іх каля паўтары тысячы — інваліды, якія не выходзяць з дому (ім дапамагае мэдычна-сацыяльная служба Беларускага Чырвонага Крыжа).