Лукашэнка і псыхоз

Абвяргаць наяўнасьць віруса як небясьпекі №1 - значыць, знаходзіцца ў адарваным ад жыцьця ілюзорным, нерэальным сьвеце. Якая б тэма не абмяркоўвалася ў Вярхоўным Савеце ў пачатку 90-х — сельская гаспадарка, банкі, сродкі масавай інфармацыі, дэфіцыт жаночых панчохаў (ён існаваў, таму таксама абмяркоўвалі), вывад ядзернай зброі, школы, мэдыцына, дыпляматычныя адносіны — ля 5-га мікрафону з’яўлялася фігура дырэктара саўгасу «Гарадзец». Дэпутат Лукашэнка безапэляцыйна выказваўся літаральна па ўсіх пытаньнях. Але калі вы чакаеце, што зараз я буду яго за гэта крытыкаваць — вы памыляецеся. Шмат хто з нас, маладых дэпутатаў, каму тады было 30 плюс-мінус, выказваліся ну хай і не па такім бязьмежным спэктры тэмаў, як Лукашэнка, але па даволі шырокім. Не заўсёды кампэтэнтна, затое — заўсёды сьмела. І гэта было правільна: грамадзтва мусіла распаволіцца, трэба было зламаць стэрэатып, які складваўся дзесяцігодзьдзямі, што толькі КПСС і больш ніхто валодае манапольным правам на ісьціну. Але тое, што пасуе маладому дэпутату ў пераходны пэрыяд — не падыходзіць кіраўніку дзяржавы.