Галоўны касцёл Расіі пабудаваў архітэктар-беларус

Нашыя землякі ад сярэднявечча складалі вельмі істотную частку каталіцкай грамады ў Маскве. Каталіцтва ў Расіі традыцыйна асацыюецца з польскасцю і палякамі. Але ў значнай ступені гэтая польскасць — беларуская польскасць, і гэтыя палякі — беларускія палякі, нашчадкі паланізаванай ліцвінскай шляхты або іншыя людзі, чыя польская самасвядомасць вызначалася прыналежнасцю да каталіцтва і разуменнем Польшчы як усёй былой Рэчы Паспалітай, якая бясспрэчна ўключала і іх малую радзіму — цяперашнюю Беларусь, піша “Новы час”. Ролю Беларусі ў гісторыі расійскага каталіцтва падкрэслівае і той сімвалічны факт, што ў часы Расійскай Імперыі, калі Каталіцкі касцёл ня меў дазволу ствараць паўнавартасныя структуры на большай частцы тэрыторыі краіны, уся паўночная Еўразія ад Беластока да Чукоткі з пункту гледжання Каталіцкага касцёлу была часткай Магілёўскай архідыяцэзіі. Вядома, што ў 1916 годзе ў адным з маскоўскіх касцёлаў пабраліся шлюбам Янка Купала і Ўладзіслава Станкевіч. У якім дакладна касцёле гэта было, не да канца зразумела, але хутчэй за ўсё гэта адбылося ці ў касцёле Пётры і Паўла ў Мілюцінскім завулку, ці ў Саборы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на Малай Грузінскай вуліцы.