![]()
Старадаўняму сімвалу ўжо болей за 700 гадоў. Сайт planetabelarus. by узгадваў самыя цікавыя выявы старадаўняга сімвала літвінаў-беларусаў, якому, між іншым, ужо болей за семсот гадоў. Бадай, найстаражытнейшы з барэльефаў «Пагоні» знаходзіцца ў Кракаве, на надмагілку Ягайлы, якога палякі шануюць як свайго караля, пачынальніка дынастыі Ягелонаў, а мы таксама памятаем, што Ягайла – сын Альгерда – пачынаў сваю кар’еру менавіта як вялікі князь ВКЛ. У былой сталіцы Вялікага княства, Вільні, знаходзіцца, напэўна, самая вядомая (або, як зараз кажуць, распіяраная) выява герба. Каб убачыць відарыс, які натхніў Максіма Багдановіча на стварэнне верша-гімна «Пагоня», прыйдзіце да віленскай Вострай брамы. Калі ж раптам не даедзеце да Вільні, завітайце хаця б у нашыя Ружаны, дзе на цудоўна адрэстаўраванай браме палаца Сапегаў вершнік з «Пагоні» з’яўляецца самым бачным элементам вялікага герба магутнага княскага роду. А вось герб Рэчы Паспалітай з польскімі арламі і літвінскімі «Пагонямі» можна ўбачыць у нямецкім Дрэздэне, на фасадзе знакамітага палаца Цвінгер, закладзенага паводле загаду курфюрста Саксоніі Аўгуста Моцнага.