![]()
У былога следчага ў дадатак да інфекцыі была арытмія. У Віцебску за няпоўны тыдзень ад пнеўманіі згарэў былы следчы па найважнейшых справах Віцебскай абласной пракуратуры, палкоўнік у адстаўцы, 58-гадовы Анатоль Высоцкі. Былыя калегі расказалі «Нашай Ніве», што толькі ў панядзелак 30 сакавіка ён адкрыў бальнічны, а ўжо ў пятніцу, 3 красавіка, ім паведамілі пра запланаванае на нядзелю пахаванне. У выніку публічнага развітання не будзе, бо прыйшоў пасмяротны аналіз на каранавірус — станоўчы…Гэтую інфармацыю «Нашай Ніве» пацвердзіла жонка памерлага. «Узялі аналіз — ён пацвердзіўся. Гэта не хаваецца. Як сталі вядомыя вынікі — пазванілі з санэпідэмстанцыі. Нам цяпер тэсты гэтыя зробяць: зараз прыедуць апрацаваць кватэру, тэсты — і на ізаляцыю. Мы ж не маглі нават падумаць, што ў яго станоўчы вынік! І адкуль жа я ведаю, дзе ён мог заразіцца?Мы ж не ездзілі нікуды, на месцы былі. Я на работу і з работы, ну ў краму зайду. Ён таксама ў краму мог зайсці, на рынак, на лецішча — усё. А так ён дома сядзеў, пенсіянер, нікуды не выходзіў, не ездзілі нікуды.