![]()
У інфекцыёнцы памёр супрацоўнік санаторыя «Пралеска» ў Ждановічах. У ноч на 2 красавіка памёр супрацоўнік санаторыя «Пралеска», што ў Ждановічах. Ён ляжаў з пнеўманіяй у раённай бальніцы, пасля яго перавялі ў мінскую інфекцыёнку, куды накіроўваюць людзей са станоўчым аналізам на каранавірус. Па інфармацыі «Нашай Нівы», памерлы Валер Ш. працаваў электрыкам, жыў у прыгарадзе. Яму было каля 60 гадоў. Некалькі тыдняў таму мужчына ляжаў у абласной бальніцы, правяраў сэрца. Пасля выйшаў на працу, пабыў пару змен. А потым злёг з пнеўманіяй. У пятніцу, 27 сакавіка, яго паклалі ў Мінскую цэнтральную раённую бальніцу ў Бараўлянах. У сераду перавялі ў гарадскую інфекцыйную бальніцу, дзе яго і не стала. «Тры дні ляжаў на калідоры, напэўна, запусцілі», — наракаюць калегі па працы. На наступны дзень пасля смерці мужчыны супрацоўнікаў санаторыя папрасілі прадаставіць спіс кантактаў першага ўзроўню. У «Пралесцы» адпачываюць у асноўным пажылыя. Раней у дзвюх жанчын з аднаго з заездаў дыягнаставалі каранавірус, расказалі «Нашай Ніве» супрацоўнікі санаторыя.