![]()
Да 80-годдзя творцы. 30 сакавіка мы адзначаем 80-годдзе Алеся Мары (Аляксея Марачкіна) — выбітнага беларускага творцы і грамадскага дзеяча. Без шматбаковай дзейнасці гэтага пасіянарнага грамадзяніна, мастака і літаратара немагчыма ўявіць беларускае нацыянальнае Адраджэнне апошняй траціны XX — пачатку XXI стагоддзяў. У розныя гады Марачкін — сябра аргкамітэту БНФ «Адраджэньне», першы старшыня суполкі «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў, старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», адзін з заснавальнікаў грамадзянскіх ініцыятываў «Рада беларускай інтэлігенцыі» і «Эксперты ў абарону Курапатаў». Творчасць мастака Алеся Мары вылучаецца надзённасцю, узнёсласцю вобразаў, нечаканасцю кампазіцый, эксперыментамі ў матэрыяле, стрыманасцю і гармоніяй колераў, вытанчаным густам. Адданасць нацыянальным мастацкім традыцыям і цвёрдая грамадзянская пазіцыя прынеслі творцу шырокую вядомасць у Беларусі і за яе межамі.