![]()
Пандэмія каронавірусу ламае жыццё свету і звыклы ўклад на нашых вачах. Смяротная катастрофа ў такіх краінах як Італія і Іспанія, наступ пошасці па ўсёй Еўропе, не могуць пакідаць абыякавым нікога, хто хоць крыху можа думаць і спачуваць іншым. Людзей усё больш ахоплівае страх перад неадхільным наступам мору, які надзвычай цяжка спыніць. Страх за сваё жыццё, за жыццё сваіх блізкіх, асабліва старэйшага пакалення. Страх і перад наступнасцю. Сітуацыя тым больш жахлівая, што ніхто дагэтуль не ведае сапраўднай прыроды гэтага COVID 19. Ніхто не ведае, якія генетычныя наступствы ён выкліча ў арганізмах тых, хто ім заразіўся і нібыта вылечыўся. У Італіі і Іспаніі колькасць захварэўшых дасягнула такой велічыні, што хворых, якіх тысячамі прывозяць у шпіталі, сартуюць нібы бульбу – на тых, каго яшчэ ёсць шанец уратаваць і на тых, каго проста пакідаюць паміраць. Менавіта такі дзеяслоў “сартаваць” гучыць у выпусках навінаў! І гэта новая рэальнасць, забытая насельніцтвам планеты з часу Другой сусветнай вайны.