Уладзімір Арлоў: Сёння трэба бараніць нашу незалежнасць любымі сродкамі

Знакаміты пісьменнік павіншаваў беларусаў с Днём Волі. 25 сакавіка штогод адзначаецца Дзень Волі ў Беларусі. Разам з «Госцем Рацыі», пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым журналісты пагаварылі пра тое, з чаго пачалося святкаванне Дня Волі і якая будучыня ў гэтага слаўнага дня. - Віншуем Вас з Днём Волі! Раскажыце, чыя была ідэя святкаваць Дзень Волі ў сучаснай Беларусі і які сцэнар закладаўся ў свята. - Цярпер на гэтае пытанне адказаць вельмі цяжка. Я памятаю, як у першай палове 80-х гадоў атрымліваў бандэролі з кнігамі, у якіх знаходзіў паштоўкі, дзе былі віншаванні з Днём Незалежнасці. Адпраўлялі мне іх сябры і знаёмыя з легендарнай цяпер Беларускай спеўна-драматычнай майстроўні, а таксама пазней ужо з Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. І сярод тых, хто мяне так віншаваў, былі: Сяржук Сокалаў-Воюш, Анатоль Сыс. У розных формах атрымліваў тады віншаванні ад Алеся Бяляцкага, Адама Глобуса, Вінцука Вячоркі. Але яшчэ ранней Дзень Незалежнасці 25 сакавіка ў сваім вузкім коле адзначалі ў апазіцыйным творчым асяродку “На Паддашку”, куды ўваходзілі Зянон Пазьняк, Яўген Кулік, Міхась Чарняўскі, Аляксей Марачкін, Лявон Баразна, Алесь Разанаў, Зміцер Санько, Міхась Раманюк – імёны, якія цяпер ведае ўся нацыянальна арыентаваная Беларусь.