Барыс Хамайда: «Беларусь перадусім» — гэта мой дэвіз

Традыцыю віншаванняў віцяблян 25-га сакавіка запачаткаваў 23 гады таму. Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда, які днямі абвясціў, што сыходзіць на каранцін, і 30 дзён не будзе з’яўляцца каля сіняга дому у цэнтры Віцебска, літаральна на гадзіну парушыў правілы самаізаляцыі. Ён выйшаў павіншаваць віцяблян з Днём Волі з самаробным сцягам: на белай палатніне ён чырвоным колерам напісаў словы Беларусь перадусім», паведамляе Радыё Рацыя. Традыцыю віншаванняў 25-га сакавіка Барыс Хамайда запачаткаваў 23 гады таму, і лічыць, што яна павінна заставацца непарушнай:– Сёння найвялікшае свята, я ніколі яго не прапускаў. Таму вырашыў і сёння выйсці на тое месца, дзе ўжо шмат гадоў стаю. За гэтыя гады і плакаты былі, і сцягі былі, і расцяжкі былі. І забіралі мяне, і арыштоўвалі, і судзілі, і суткі давалі. Але былі й такія дні, што я мог стаяць, і мяне ніхто не чапаў. За Барысам Хамайдам сачылі некалькі людзей у цывільным, яны фатаграфавалі актывіста, кудысьці тэлефанавалі. Але абышлося без затрымання, бо віцебскія міліцыянты выкарыстоўваюць іншую тактыку – праз колькі дзён прыносяць дахаты пратакол пра здзейсненае несанкцыянаванае пікетаванне.