![]()
Як складалася традыцыя святкавання 25 сакавіка. Перачытваю мову дакумэнтаў Рады БНР 1918 году. Імкліва знаходзіліся патрэбныя словы, і калі б гісторыя нашае незалежнае дзяржавы не была перапыненая гвалтам — ужо ў пачатку 1920-х мы б мелі паўнавартасную тэрміналёгію дзяржаўнага жыцьця, прычым не бальшавізаваную. Вось машынапіснае запрашэньне на гістарычнае паседжаньне:«. . . Чарговае пасядзэньне Рады адбудзецца у нядзелю 24-го сакавіка /марца/ а 5-й гадзіне /па сярэдне-эуроп/ у вечары у домі пад № 43 на Захароускай вуліцы. /3-й этаж 1-го ад Серпуховскай вуліцы пад’езду/. (. . . ) Старшыня рады [Я. Серада]. Пісар [К. Езавітаў]»(Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі / Укл. Сяргей Шупа. Т. І. Кн. 1. Вільня—Нью-Ёрк—Менск—Прага, 1998. С. 62. )Яшчэ ня выйшла была друкам „Беларуская граматыка для школ“ Браніслава Тарашкевіча, і айцы БНР пішуць паводле інтуіцыі. На расейскай друкавальнай машынцы няма літары Ў (як і цяпер яе ня могуць знайсьці на сваіх кампутарах дзяржаўныя чыноўнікі). Часам рука мэханічна дадае ў канцы слова расейскі Ъ.