«Лічбу заражаных можна сьмела памнажаць на сто»

Беларуска — пра карантын у ЗША. Зачыненыя крамы, офісы, школы, рэстараны і храмы. Пустыя вуліцы. У некаторых штатах — камэнданцкі час. Карантын для школьнікаў і студэнтаў можа працягнуцца да восені. Пра пандэмію каранавірусу ў ЗША распавядае «Радыё Свабода» беларуска Сьвятлана. «Панікаваць ня варта, але важна максымальна паклапаціцца пра сябе. Могуць наступіць і сур’ёзныя часы — з войскам і паліцыяй», — кажа Сьвятлана Рэшатняк. «Нагадвае наш Чарнобыль, ці бомбу запаволенага дзеяньня»Яна шэсьць гадоў жыве ў Канэктыкуце, працавала ў розных сфэрах, большую частку часу — у бізнэсе па даглядзе за састарэлымі. «Сустрэла шмат цікавых людзей, асабліва цікавае пакаленьне, як па мне — гэта 80-90-гадовыя амэрыканцы. Яны шмат чытаюць, ведаюць, падарожнічаюць, маюць шмат актыўнасьцяў. Цяпер шкада, што вірус косіць менавіта гэтую катэгорыю», — з сумам кажа беларуска. Сытуацыя, якая склалася цяпер з каранавірусам, нагадвае Сьвятлане «наш Чарнобыль, ці бомбу запаволенага дзеяньня». У сярэдзіне сакавіка Сьвятлана з мужам паехалі ў Лас-Вэгас.