![]()
Незвычайнае набажэнства ў надзвычайнай сітуацыі. Увечары 21 сакавіка ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх веравызнанняў, а таксама мусульманаў і юдэяў прайшла Міжрэлігійная малітва аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу, паведамляе сайт catholic. by. Перад набажэнствам у Чырвоным касцёле адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. На пачатку Эўхарыстыі іерарх падзякаваў пробашчу парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Волме ксяндзу Валянціну Станкевічу за прывезены на набажэнства ў сталіцу абраз святога Роха — заступніка ад заразных хваробаў. Біскуп Касабуцкі, які пэўны час быў душпастырам парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, нагадаў, як калісьці заступніцтва нябеснага апекуна Мінска выбавіла жыхароў горада ад эпідэміі халеры. Тады абароны ад пошасці прасілі разам усе мінчукі без адрознення веравызнання, і Бог выслухаў іх малітвы.