Перапiс нальніцтва ў ЗША: «Запiшыся беларусам!»

Лiдары дыяспары распачалі кампанію. У ЗША пачаўся Перапiс насельніцтва (Census 2020). Згодна з Канстытуцыяй, перапіс праводзіцца кожныя 10 гадоў, пачынаючы з 1790 года. Вынікі перапісу выкарыстоўваюцца дзеля вызначэння колькасці прадстаўнікоў ад кожнага штата ў Кангрэсе ЗША, межаў выбарчых акругаў і таго, як будуць кожны год размяркоўвацца звыш 675 млрд. долараў федэральных сродкаў на патрэбы мясцовых супольнасцяў, перадае «Новы Час». Кожны год мільярды долараў з федэральнага бюджэту накіроўваюцца на фінансаванне бальніц, пажарных частак, школ, дарог ды іншых рэсурсаў з улікам дадзеных перапісу насельніцтва. «Па перапісе насельніцтва 2010 года колькасць беларускiх амерыканцаў была значна недаацэненая. Толькi 38505 чалавек пазначылi сябе беларусамi, у той час як па розных падлiках у ЗША жыве ад 600 тысячаў да 2 мiльёнаў беларусаў. Гэта азначае, што нашая супольнасць была недастаткова прадстаўленая ў Кангрэсе й не мела дастатковага доступу да дзяржаўных рэсурсаў цягам апошніх дзесяці гадоў», — распавёў Вячаслаў Бортнiк, лiдар кампанii «Запiшыся беларусам!» — Зараз самы час падлічыць наш голас.