![]()
Прадстаўнікі розных галінаў бізнэсу распавялі аб сваім становішчы. Закрылі межы амаль усе эўрапейскія краіны — і фактычна спынілася праца цэлых сфэраў бізнэсу ў Беларусі. Стоадсоткавыя страты нясуць ня толькі турыстычныя фірмы, але і гатэлі, гіды, рынкавыя гандляры і нават грузаперавозьнікі, для якіх межы па-ранейшаму адкрытыя, перадае «Радыё Свабода». Супрацоўнікаў выпраўляюць у водпускі, пэўныя фірмы плянуюць скарачэньні і праядаюць нажытыя запасы. Многія чакаюць ад дзяржавы кроку насустрач — адкладу сплаты падаткаў і памяншэньня арэнднай платы. Самыя аптымістычныя прагнозы канца «замаразкаў» — сёлетні травень, пэсымістычныя — 2022 год. Міжнародныя грузаперавозкі: «Мы цяпер ня едзем, а паўзем»Дырэктар ААТ «Белгруз» Сяргей Леўкавец расказаў, што міжнародныя грузаперавозкі, для якіх адкрытыя ўсе межы, цярпяць у першую чаргу. «Мы цяпер ня едзем, а проста паўзем. За кошт перакрыцьця межаў і вельмі малой прапускной здольнасьці, у тым ліку краінаў Эўразьвязу паміж сабой, руху на мяжы амаль няма», — кажа Сяргей Леўкавец.