![]()
Ці магчыма сёньня закрыць беларускія школы на карантын і наладзіць масавае дыстанцыйнае навучаньне? Баюся, што - не. Нягледзячы на гучны статус IT-краіны, нягледзячы на тое, што самым сьмелым рэфарматарам нашай адукацыі на сёньня выступае ПВТ, нягледзячы на сотні сэмінараў, адкрытых урокаў, лекцый для настаўнікаў наконт інфарматызацыі і лічбавізацыі навучаньня — наўрад ці хаця б адна школа ў Беларусі здольная забясьпечыць якаснае дыстанцыйнае навучаньне для дзяцей. Па-першае, не існуе нават уяўленьня пра тое, як гэта робіцца ў школе. Па-другое, настаўнікі ў большасьці сваёй ня тое што не валодаюць сучаснымі (бясплатнымі!) адукацыйнымі плятформамі для вэб-навучаньня, яны нават ня ведаюць пра іх існаваньне. Па-трэцяе, не існуе ніякіх агульнавядомых і агульнадаступных мэтадычных распрацовак па выкарыстаньні такіх плятформ. Ды што там! Ня ў кожнай школе ёсьць інтэрнэт. Ня ў кожнага настаўніка ў кабінэце альбо дома ёсьць пэрсанальны кампутар. Далёка ня ў кожнага вучня ён ёсьць.