Кузьма Цярэшчанка: што вядома пра вайскоўца і міністра ва ўрадзе БНР

Нарадзіўся ён на Смаленшчыне. 12 сакавіка 1922 г. пры нявысьветленых абставінах памёр Кузьма Цярэшчанка – беларускі вайсковец і міністар ва ўрадзе БНР. Нарадзіўся на Смаленшчыне, скончыў каморніцкую школу ў Пскове і Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут (1912), піша сайт radabnr. org. Належаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, арыштоўваўся падчас Рэвалюцыі 1905—07 гг. З пачатку Першай сусьветнай вайны ў дзеючай расейскай арміі. У 1917 г. , пасьля падзеньня манархіі, адзін з ініцыятараў стварэньня і старшыня Пскоўскай беларускай рады з вайскоўцаў, дэлегат Зьезда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску (лістапад 1917 г. ), Першага Ўсебеларускага зьезда ў Менску (сьнежань 1917 г. ). Увосень 1918 г. кааптаваны ў Віленскую беларускую раду, пазьней выконваў абавязкі кіраўніка ўнутраных спраў урада БНР. У студзені—лютым 1919 г. камісар Міністэрства беларускіх спраў Летувіскай тарыбы ў Беластоку, затым у Гародні. У канцы лютага — сакавіку 1919 г. сакратар замежных справаў урада БНР, затым міністр унутраных спраў Рэспублікі ва ўрадзе Антона Луцкевіча.