![]()
Гэта цудоўны тэст на моцную дзяржаву. Яшчэ ў сярэдзіне лютага, да з’яўлення ачагоў эпідэміі каронавіруса, як паведамляе польскае выданне “Dziennik. pl”, вугорскія матэматыкі з універсітэту ў Сегедзе апублікавалі свае прагнозы. Згодна справаздачы навукоўцаў, да групы краінаў, якія рызыкавалі стаць эпіцэнтрамі каронавіруса ў Еўропе, былі аднесеныя Італія, Францыя, Нямеччына і Вялікабрытанія. Прычым, улічваючы прамысловыя сувязі і інтэнсіўнасць авіяспалучэння Італіі і Кітая, менавіта Італія была названая ў якасці краіны, якая першай сутыкнецца з маштабнай эпідэміяй, выкліканай новым вірусам. Больш таго, вугорскія даследчыкі з дапамогай матэматычных мадэляў нават прадбачылі, што не Рым, а менавіта паўночная частка краіны з цэнтрам у Мілане стане сапраўднай зонай бедства. Зрэшты, каб спрагназаваць падобны сцэнар не патрэбна валодаць навуковым інструментаром. Дастаткова нават прыблізна ўяўляць, як функцыянуюць сучасныя эканомікі ў глабалізаваным свеце, як выбудоўваюцца прамысловыя ланцугі і куды скіроўваюцца турыстычныя патокі.