34 гады таму ў Горадні паўстала легендарная «Паходня»

Як пачыналася адраджэнне на берагах Нёмана. 34 гады спаўняецца гарадзенскаму гісторыка-культурніцкаму клубу аматараў роднага краю «Паходня». Гэта першая нацыянальна-культурніцкая пляцоўка, якая паўстала ў Гародні ў часы Перабудовы. Большасць сучасных нацыянальна свядомых дзеячаў сярэдняга пакалення Гарадзеншчыны паходзяць менавіта з «Паходні», мяркуе старшыня арганізацыі Мікола Таранда у каментары «Радыё Рацыя»: – Да нас прыходзілі людзі творчыя – мастакі, музыканты, літаратары, гісторыкі. Яны былі грамадска актыўнымі і ўзначалілі самыя розныя арганізацыі, якія ўзніклі ў Гародні, сталі пісаць кнігі. Хачу назваць такія імёны як Аркадзь Жукоўскі, Міхась Амялішка, Аляксандр Талерчык, Віктар Сазонаў. Сярод сяброў «Паходні» былі акадэмік, член-карэспандэнт Акадэміі навук, больш за два дзясяткі дактароў навук. Менавіта «Паходня» абудзіла грамадскую актыўнасць інтэлектуалаў, зрабіла іх неабыякавымі да лёсу сваёй краіны. Узгадвае Аркадзь Жукоўскі:- Пачаткам і новага жыцця, і новых знаёмых для мяне стаў прыход у «Паходню».