«Ермаловіч памяняў беларускую гістарычную парадыгму. І хай гісторыкі суседніх краін абураюцца»

Ермаловіч злячыў беларусаў ад комплексу непаўнавартасці. Піша на gazeta. arche. by Юрась Пацюпа. 5 сакавіка споўнілася роўна 20 гадоў з дня трагічнай гібелі выдатнага беларускага гісторыка і пісьменніка Міколы Ермаловіча. З нагоды гэтай сумнай даты на сайце газеты «Новы час» былі апублікаваныя ўспаміны людзей, якія ведалі гісторыка асабіста, пад назваю «Ён любіў Беларусь…», а на сайце «Нашай Нівы» гэтая інфармацыя была пераказаная пад назваю «20 гадоў таму загінуў стваральнік рамантычнага міфа пра ВКЛ Мікола Ермаловіч. Успаміны сяброў». І вось гэтая фраза — «стваральнік рамантычнага міфа» — выклікала рэакцыю ў сацыяльных сетках. Некалькі актыўных блогераў палічылі за абразу такую атэстацыю чалавека, які, без перабольшання, зрабіў пераварот у нашых уяўленнях пра нацыянальную гісторыю. Фактычна, Ермаловіч злячыў беларусаў ад комплексу непаўнавартасці, ад комплексу недзяржаўнай нацыі. І не толькі злячыў, а ўсяліў у нашы душы такі патэнцыял, які ў спрыяльных умовах можа спарадзіць… нават вялікадзяржаўныя настроі (якія па-рознаму назіраюцца ўва ўсіх чатырох найбліжэйшых суседаў).