Літаратары вырашылі правесьці «лікбез» для Mark Formelle

Яны параілі 40 цытатаў беларускіх клясыкаў для маек брэнду. Кампанія Mark Formelle выпусьціла «Літаратурную калекцыю» маек з цытатамі расейскіх аўтараў: Гогаля, Дастаеўскага, Бродзкага. Разглядалі і беларускіх аўтараў. Але цытаты расейскіх пісьменьнікаў здаліся MF «актуальнейшымі і мацнейшымі», перадае «Радыё Свабода». Перад дызайнэрамі стаяла задача сумясьціць «шмат годных цытатаў» з модаю. Свабода папрасіла сучасных беларускіх аўтараў параіць нешта годнае кампаніі Mark Formelle. Літаратурны крытык Ганна Кісьліцына параіла цытату Ўладзімера Караткевіча. «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш» . Паэт і перакладнік Андрэй Хадановіч параіў адразу дзесяць цытатаў: «Я хацеў бы сустрэцца з вамі на вуліцы. . . » (Максім Багдановіч) «Кепска будзе» (Францішак Багушэвіч) «У вашым голасе квітнеюць астры» (Леанід Дранько-Майсюк) «Я маленькая, як твае вейкі» (Вальжына Морт) «Паскудзтва, брат, і не пытайся!» (Якуб Колас) «Толькі не гавары маёй маме» (Адам Глобус) «Калі мы падаем, зоркі загадваюць жаданьні» (Віталь Рыжкоў) «Калі мы ўдваіх, нас болей, чым іх» (Віктар Жыбуль) «На Беларусі Бог жыве» (Уладзімер Караткевіч) «Пачынаецца ўсё зь любві» (Яўгенія Янішчыц)Немагчыма не ўзгадаць тут і культавай цытаты самога Андрэя Хадановіча: «Беларускі мужчына — чысты аб’ект каханьня».