Шукальнікі справядлівасці

Палітычныя перамены неабходныя і для росту эканомікі, і для ліквідавання беднасці. Пошук справядлівасці адбываецца ў свеце пастаянна. Нават у развітых дэмакратычных краінах здараюцца канфліктныя сітуацыі. Але там выйсці з іх дапамагае строгае выкананне законаў як грамадзянамі, так і дзяржаўнымі органамі. Калі гэтага няма, надыходзіць сацыяльны хаос. Прыкладам чыноўніцкай мітусні ў рашэнні пытанняў сацыяльнай сферы можа служыць Беларусь. Пры аўтарытарызме справядлівасці ў грамадстве быць не можа. Правіцелю, каб утрымліваць узурпіраваную ўладу да смерці, трэба добра дагаджаць тым, ад каго гэта залежыць. У такіх падручных у яго ходзяць: вертыкальная чыноўніцкая каманда, сілавыя структуры (міліцыя, КДБ, спецпадраздзяленні, армія), дэпутаты, прыўладныя алігархі і буйныя бізнесоўцы, якія выконваюць ролю «грашовага мяха». Што тычыцца звычайных грамадзян, то ёсць падзел на «сваіх» і «чужых». Клопат скіраваны на тых, хто лаяльны да ўзурпацыі ўлады, астатнія — загнаны ў мізерную ўраўнілаўку, якая зневажае працавітых людзей.