![]()
Беларускі музыка запрашае на фестываль тых, хто любіць Радзіму, цэніць метал і не цураецца фольку. Музычны фестываль «Зважай! Крокам руш!», які сёлета адбудзецца 21 сакавіка ў клубе «Бруге», ладзіцца ўжо чацвёрты год запар. Яго ідэя ў тым, каб паказаць альтэрнатыўную металічную музыку ў самых розных яе галінах на беларускай мове, распавядае арганізатар фэсту, лідар гурта Znich Алесь Таболіч, піша «Новы час». — У нас мала кажуць пра беларускамоўную альтэрнатыўную музыку. У Беларусі ўвогуле няма прамоўцыі, яе робяць тыя, хто займаецца музыкай, так не павінна быць, — мяркуе арганізатар. Гэта адбываецца таму, што прамоўтары зазвычай працуюць з «хадавымі» гуртамі, на якіх можна зарабіць, перакананы музыка. А альтэрнатыўная музыка ў гэты крытэр — прынамсі, у Беларусі — не ўпісваецца. — Усе буйныя фестывалі ў свеце прасоўваюць свае гурты, беларуская ж альтэрнатыва знаходзіцца нібы ў нейкім загоне. Хаця ні для каго не сакрэт, што на замежных фэстах нашыя гурты выступаюць. Той жа «Стары Ольса» даў сотні канцэртаў у Злучаных Штатах, не кажучы пра еўрапейскія фестывалі.