![]()
Праваабаронца Алена Маслюкова распавяла, чаму яна прамяняла зручную працу настаўніцы на праваабарончую дзейнасць. У Беларусі склалася такая сітуацыя, што людзі, якія абараняюць правы чалавека, абараняюць уразлівыя групы, па сутнасці, сталі самі ўразлівай групай. Часта яны падвяргаюцца пераследу і рэпрэсіям з боку дзяржавы, улады не заўсёды адкрытыя да дыялога з праваабаронцамі, а грамадства поўна стэрэатыпаў і забабонаў у іх бок. Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, Дня барацьбы за жаночыя правы і роўныя магчымасці, Вясна распачынае серыю інтэрвю з беларускімі жанчынамі-праваабаронцамі — тымі, хто робіць нашае грамадства лепшым праз абарону правоў чалавека. Мы імкнемся зрабіць беларускіх актывістак праваабарончага руху больш бачнымі ў грамадстве. Першы наш матэрыял — пра светлагорскую праваабаронцу Вясны Алену Маслюкову. У большай ступені яна займаецца абаронай экалагічных правоў у родным горадзе. Менавіта гэтыя правы ў апошні час стаяць у Светлагорску на парадку дня ў сувязі з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю завода бялёнай цэлюлозы.