![]()
У мястэчку — моцная патрыятычная сітуацыя. У рэдакцыю «Радыё Свабода» даслалі копію ліста ад бацькоў першаклясьнікаў Ракаўскай сярэдняй школы. У школе заўсёды выкладалі па-беларуску, але цяпер там зьбіраюць подпісы, каб з другой клясы дзеці вучыліся па-расейску. Дырэктарка школы і чыноўнікі Валожынскага райвыканкаму кажуць, што пра гэта ня чулі. «Мы і нашы дзеці не валодаем беларускай мовай…»Копію ліста, які зьявіўся ў бацькоўскім чаце, даслала «Свабодзе» маці аднаго з вучняў пачатковай школы. «Мы і нашы дзеці не валодаем беларускай мовай, што прыводзіць да непазьбежнага паніжэньня ўзроўню адукацыі нашых дзяцей. . . Дзеці дрэнна засвойваюць матэрыял, паколькі ён падаецца на беларускай мове, узьнікаюць цяжкасьці пры рыхтаваньні хатніх заданьняў, паколькі дзеці не разумеюць гэтых заданьняў». І яшчэ адзін аргумэнт у лісьце: «у бацькоў адсутнічае сыстэма кантролю за выкананьнем хатніх заданьняў, бо яны не валодаюць беларускай мовай». Таму бацькі просяць даць магчымасьць навучаньня з другой клясы «на роднай расейскай мове».