![]()
Сяргей Грыневіч распавёў пра ролю мастатцтва ў сучаснай Беларусі. Сёлета аднаму з самых пасьпяховых беларускіх мастакоў Сяргею Грыневічу споўнілася 60 гадоў. «Радыё Свабода» пагутарыла пра тое, як мастаку сёньня стаць запатрабаваным, пра ложак Цесьлера, акцыянізм Кузьміча і знаёмства з Захарам Кудзіным. Восемдзесят адсоткаў карцін за мяжойБольшасьць твораў Сяргея Грыневіча знаходзіцца за мяжой: у ЗША, Бразыліі, Кітаі, Гішпаніі, Швайцарыі, Нямеччыне, Францыі, Нідэрляндах, Літве, Польшчы, Украіне. На другасным рынку прыватныя калекцыянэры перапрадаюць ягоныя палотны за дзясяткі тысяч даляраў. Некаторыя творы, як і іхны аўтар, ніколі не пакінуць Беларусь. Яны не прадаюцца. Манумэнтальная сьцяна Каложы або трыптых «Расьпяцьце». Мастак называе іх хрэстаматыйнымі і захоўвае ў майстэрні. Яна ўтварылася ў старэнькай хатцы побач з былымі ваданапорнымі вежамі Касяй і Басяй у Горадні. Вежы горад таксама аддаў пад майстэрні іншых мастакоў. Падлога ў кроплях фарбы, даўно ня беленыя сьцены, старэнькая канапа і сонечнае сьвятло, якое прабіваецца празь непразрыстыя вокны.