Палітвязень Міхаіл Жамчужны дабіўся пераводу ў Віцебскі СІЗА

Па выніках шматлікіх заяў пачалося папярэдняе раследванне па яго справах. Спачатку Міхаіла Жамчужнага перавялі з Горацкай калоніі ў Магілёўскую турму, а затым адправілі ў Віцебскі следчы ізалятар. Пра гэта сайту palitviazni. info паведаміў віцебскі праваабаронца Леанід Свецік. «Па выніках неаднаразовых заяў і скаргаў пачалося папярэдняе раследванне па маіх справах, – напісаў Міхаіл Жамчужны. – Размова, магчыма, ідзе нават пра маё поўнае апраўданне…”З 23 снежня Міхаіл Жамчужны знаходзіўся ў штрафным ізалятары Горацкай калоніі №9, але апошнія лісты палітвязень напісаў Леаніду Свеціку ўжо з Магілёва і Віцебска. «Зараз я знаходжуся ў Магілёўскай турме на этапе ў Віцебскі СІЗА №2, – паведаміў Міхаіл у сваім першым лісце. – Па выніках маіх заяў і скаргаў у розныя інстанцыі, пачынаючы са Следчага камітэта і заканчваючы Адміністрацыяй прэзідэнта, нарэшце пачалося папярэдняе раследванне па маіх справах. Мяне выклікаў следчы на допыт, размова, магчыма, ідзе пра маё поўнае апраўданне па ўсіх трох прысудах.