Рагачоў стане горадам Караткевіча

На Гомельшчыне адкрыецца дом-музей беларускага пісьменніка. Музей культавага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча мясцовыя ўлады вырашылі стварыць у Рагачове, дзе творца падоўгу жыў і пісаў, піша «Народная воля”. Адначасова ў парку «Азёрны» мяркуецца ўсталяваць памятны знак Гервасію Выліваху – дасціпнаму сярэднявечнаму рагачоўцу, галоўнаму герою аповесці «Ладдзя роспачы», якую Караткевіч напісаў у Рагачове. Сродкі на гэтыя мэты вылучаны з абласнога бюджэту. Гэтую добрую навіну мне пацвердзіў намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Павел Бярэзінскі. Знакавае месца ў беларускай літаратурыУшанаваць належным чынам памяць Караткевіча ў Рагачове збіраліся ці не з ліпеня 1984 года, калі Уладзіміра Сямёнавіча не стала. За гэта выступалі краязнаўцы, многія літаратары і проста нераўнадушныя да сваёй гісторыі рагачоўцы. Працяглы час гэтая ідэя з розных прычын не разглядалася і не падтрымлівалася. Вялікая надзея зрабіць Рагачоў горадам Караткевіча была ў 2016 годзе, калі тут ладзіўся Дзень беларускага пісьменства.